Неяк адразу пасля Вялiкадня значна пацяплела, дыхнула свежасцю i своеасаблiвай радасцю. Пах вясны прынесла паветра, якое ў аграсялiбе заўседы чыстае i духмянае. Наводдаль раскiнулася шырокае поле, дзе снуюць клапатлiвыя пчолы. За полем – возера i лес.

Ужо з выраю прыляцелi першыя птушкi i разбудзiлi лясных жыхароў сваiмi цудоўнымi спевамi. Праз адчыненае акно чуваць рознагалосыя спевы салаўя. Запар можна налiчыць пятнаццаць мелодый.

Прыляцелi таксама дзiкiя качкi. Яны для сябе i сваiх будучых птушанят ладкуюць гнезды.

Гуляючы з козамi каля берага возера, я незнарок спужала дзiкую качку, якая зрабiла пад старым дрэвам гняздо i нанесла ўжо дзесяць яек. Я была здзiўлена, што яйкi адрознiвалася ад курыных па форме i колеру. Яны, здаецца, былi зеленаватага адцення. Магчыма, качка iх маскiравала пад тон балота, каб iх нiхто не мог заўважыць. Цiкава, што гняздо было круглае, невялiкае, высцеленае мяккiм качкiным пухам. Я хуценька адскокнула ўбок i зрабiла фотаздымак, як качка, спуджаная, паляцела на ваду. Яна хутка вернецца да свайго гняздзечка, дзе неўзабаве выведуцца маленькiя кволенькiя птушаняты.

Вясна ўжо ў разгары, i лес жыве сваiм паўнацэнным жыццём. Толькi трэба ўмець гэта заўважаць i прыслухоўвацца да таямнiц прыроды.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *